Нэйдорфская лютэранская парафія
Гістарычны алтар Нэйдорфскага збору. Здымак 1902г.
(Славатычы-Нэйдорф, Нэйдорф-Нэйброва, пасьля 1928 – “Масьціцы”): лютэранская парафія паселішчаў па абодвах бакох р. Буг на поўдзень ад Берасьця (пазьней таксама на Валыні), збор у в. Нэйдорф.
Паселішча Нэйдорф заснавана нямецкамоўнымі
пасяленцамі-“галендрамі” (пераважна з Прускага княства) ў другой пал. XVI ст. на
землях графа Ляшчынскага (Leszczynski).
Парафія заснавана ў 1617 г. – пабудаваны збор і
дом пастара; першым вядомым пастарам (1647) – Ёнас Калюмбус (Jonas Columbus) з
Саксоніі. У 1648 збор і вёскі разбураны нападам украінскіх казакаў, каля 70
лютэран забіты пры змушэньні да перахода ў праваслаўе. Пасьля спусташэньня ў
Нэйдорф была толькі капліца, а грамада належала да збора ў Пясках каля Любліна,
у канцы XVII ст. пад апекай пастара з Вэнгрова.
У 1670 граф Ляшчынскі надаў Нэйдорфу дадаткова 45 морг зямлі на
ўтрыманьне пастара. Пры забароне пабудовы новага збору з боку каталіціх уладаў,
у 1690-1694 графіня Празьмоўская (Praźmowska) фундавала пад выглядам рамонту ў
Нэйдорф новую капліцу. У 1709 і 1712 новым фундатарам быў канцлер ВКЛ Карл
Станіслаў Радзівіл.
У 1776 апублікаваны першы друкаваны нарыс гісторыі збора: «Historia
ecclesiae Neoburchdorffensis alias Slavatycensis». У 1777-78 з дапамогай Караля
Радзівіла пабудаваны новы збор (Сьв. Тройцы - асьвячаны 15.11.1778). У XVIII ст.
лютэранскія грамады Любліна, Пяскоў, Замосьця і Камянца Падольскага былі ў
духоўнай апецы пастараў Нэйдорфа (з тытулам “пастараў любельскіх і плябанаў
нэйдорфскіх”); сумяшчэньне пастарства з Люблінам трывала да 1791. Ня гледзячы на
пачатковую сувязь з лютэранамі Кароны, Нэйдорфскі збор увайшоў у юрысдыкцыю
Лютэранскай царквы ў ВКЛ кансысторыі ў Вільні, пастановай лютэранскага сыноду
ВКЛ у Біржах 1784 г. ўключаны ў акругу Слуцкага лютэранскага збора; 8.10.1793 г.
выракам духоўнага суда лютэранскай кансысторыі на ўсю Нэйдорфскую парафію, з
прычыны ўнутраных закалотаў, накладалася царкоўнае пакараньне. З 1832 Нэйдорф –
пад уладаю Курляндскай кансысторыі; у 1858 лютэранская грамада Берасьця прызнана
як філія Нэйдорфскага збору.
Польская мова ў царкоўнай практыцы Нэйдорфу замяніла нямецкую ў першай палове XVIII ст., ва ўжытку вядомы «Postilla Chrześcianska» С.Дамброўскага, «Kancyonał Pruski» і іншыя польскамоўныя лютэранскія выданьні з Усходняй Прусіі, Шлёнска і Памор’я. З прычыны адсутнасьці ў Курляндскай кансысторыі пастараў, здольных служыць па-польску, у XIX ст. збор доўга ня меў духоўных, альбо іх запрашалі з Царства Польскага; спробы ўладаў у 1868-72 увесьці ў Нэйдорфе нямецкую мову былі бязплённыя. У якасьці штодзённай мовы “галендраў” Нэйдорфе ў XIX - пач. ХХ ст. вядомы “надбужанскі дыялект”.
Вонкавы выгляд Нэйдорфскага збору. Здымак пач. ХХ в.
З прычыны малазямельля, частка лютэран-“галендраў” Нэйдорфскай парафіі ў пач. ХХ ст. выехалі на Ўрал і ў Сыбір. У 1911 г. парафія Нэйдорф налічвала каля 4000 асобаў; пасьля І Сусьв. вайны – у складзе Эвангелісцка-Аўгсбургскай царквы Польшчы, у 1928 Нэйдорф пераназваны ў “Масьціцы” (Mościce). У 1939 Нэйдорф апынуўся з савецкага боку ў памежнай зоне, жыхары прымушаны пакінуць паселішчы і выехаць у Нямеччыну ці ўглыб СССР, у 1941 будынак збору канчаткова зьнішчаны.
Пасьля ІІ Сусьветнай вайны выхадцы з Нэйдорфскай парафіі жылі ў
Нямеччыне, Польшчы, Сыбіры, адзінкі ў БССР.
Парафіяльны (?) аркестр у Нэйдорф. Здымак 1928г.
Літ.:
Schultz, E. H. Kronika zboru ewangelicko-luterskiego Nejdorfskiego. “Zwiastun Ewangeliczny”, 1902.
Kneifel, E. Die Evangelisch-Augsburgischen Gemeinden in Polen, 1555-1939. Eine Parochialgeschichte in Einzeldarstellungen. Vierkirchen, Selbstverlag [1972].
Фотаздымкі з архіва Варшаўскай лютэранскай кансэсторыі.
(с) Мікалай Пачкаеў, 2005
Артыкул быў падрыхтаваны для праекту “Энцыклапедыя ВКЛ”, дзе па непаразуменьню
быў надрукаваны з памылковымі “праўкамі”. Арыгінальны варыянт. Друкуецца з
дазволу аўтара.
Ссылкі па тэме:
www.bughollaender.de/ www.hueneburg-online.de/ http://www.wolhynien.de/
http://www.luteranie.pl/lublin/historia/hist09.php http://tnn.pl/tekst.php?idt=183&f_2t_artykul_trescPage=1
www.kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-1/13.htm www.datcanin.livejournal.com/18673.html#cutid1
http://lutheranica.at.tut.by/biblio/lut-hist3bl.htm http://lutheranica.at.tut.by/biblio/lut-hist2bl.htm
http://slawatycze-gmina.pl/index.php?strona=info&id=33
Пры выкарыстанні матэрыялаў з сайту спасылка на сайт абавязкова
Распрацоўка і дызайн сайту: © Пракапюк І. (2008-2010)